Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Культура

Віртуальныя кніжкі на сайце kamunikat.org

У рэдакцыю “Дзедзіча” звярнуўся студэнт, які распавёў, што “нядаўна адкрыў для сябе выдатную беларускую электронную бібліятэку на сайце kamunikat.org. Чытач падрэсліў, што там “можна знайсці вельмі шмат беларускіх кніг, якіх няма ў бібліятэках, таму важна, каб у газеце напісалі пра гэты сайт”.

З задавальненнем выконваем просьбу нашага чытача, тым больш, што сайт kamunikat.org з’яўляецца і нашым партнёрам – тут вы заўсёды можаце скачаць электронныя нумары “Дзедзіча”.

Сайт kamunikat.org хутка адзначыць дзесяцігадовы юбілей, ён быў створаны ў 2000 годзе, з ініцыятывы Беларускага Гістарычнага Таварыства ў Беластоку. На сённяшні дзень ён з’яўляецца буйнейшай беларускай бібліятэкай у інтэрнэце. Сайт супрацоўнічае з рэдакцыямі многіх беларускіх перыядычных выданняў, выдавецтвамі і аўтарамі, навукоўцамі, літаратарамі, творцамі розных напрамкаў мастацтва.

Тут вы знойдзеце публікацыі як класікаў беларускай літаратуры, так і маладых пачынаючых аўтараў. Багатыя зборы гістарычнай літаратуры і кнігаў, недаступных у традыцыйных бібліятэках Беларусі, робяць kamunikat.org выдатнай крыніцай інфармацыі для студэнтаў і навукоўцаў.

Тут можна таксама пазнаёміцца з навінкамі друку розных краінаў свету – усё, што выдаецца беларусамі і пра беларусаў, навуковыя даследаванні, слоўнікі, метадычныя дапаможнікі, матэрыялы, якія маюць сувязь з беларускасцю ва ўсіх яе праявах, – усё гэта знойдзеце на старонках Інтэрнэт-бібліятэкі kamunikat.org

Kamunikat.org у рамках праекту «Беларускія аўтары» дае таксама магчымасць ствараць пtрсанальныя сайты беларускіх пісьменнікаў, публіцыстаў і даследчыкаў, якіх кнігі знаходзяцца ў рэсурсах бібліятэкі.

І самае галоўнае – каб пабываць ў гэтай бібліятэцы не трэба выходзіць з дому – дастаткова ўключыць камп’ютэр, не трэба чакаць у чарзе па кнігу – яны даступныя ўвесь час, не трэба плаціць за абанемент – карыстанне бібліятэкай бясплатнае.

Таму заходзьце і карыстайцеся.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *