Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
ПалітыкаГрамадства

Светлае ўчора Кастрычніцкай рэвалюцыі

Ізноў будзе адзначацца “свята” бальшавіцкай рэвалюцыі кастрычніка 1917 года. Ізноў важныя чыноўнікі панясуць вянкі да помніка Леніну. І гэта робіцца ў краіне, якая найбольш пацярпела ад крывава-чырвонага бальшавізму… Сёння гэтае свята не адзначаеца нават на радзіме рэвалюцыі — у Расіі. Нават там адмаўляюцца ўжо ад такой спадчыны.

Людзі, апомніцеся! Што вы робіце? Якіх ідалаў вы шануеце? Навошта вы з настальгіяй успамінаеце тую пачварную савецкую дзяржаву, якая пабудаваная была на касцях МІЛЬЁНАЎ ЛЮДЗЕЙ? Чаму вы ходзіце за гарэлкай, а не ў царкву?

Цяжкія пытанні, але я веру…

Веру ў тое, што некалі перастануць нашыя чыноўнікі хадзіць да помніка Леніну, а пойдуць усім гуртам у царкву або да касцёла.

Веру ў тое, што ўсе Леніны з усіх плошчаў пераедуць некалі ў адзін парк-музей камунізму на тэрыторыі сённяшняй “лініі Сталіна”.

Веру ў тое, што на нашых плошчах замест Ленінаў, Марксаў і іншых чужынцаў-Энгельсаў з’явяцца нашыя родныя Касцюшкі, Каліноўскія, Багушэвічы, Сапегі, Вітаўты, Усяславы Чарадзеі…

Веру ў тое, што дажыву да таго часу, калі прайдуся па вуліцы Тадэвуша Касцюшкі (замест сённяшняй Леніна), або па вуліцы Пуслоўскіх (замест сённяшняй 70 год Кастрычніка), або па іншых вуліцах з нашымі, беларускімі назвамі.

Веру ў тое, што ў нашых школах раскажуць дзецям праўду пра злачынствы камуністычнага рэжыму на нашай зямлі.

Веру ў тое, што на нашай зямельцы з’явяцца сапраўдныя гаспалары, а не пачварныя калектыўныя гаспадаркі, якія калісьці і знішчылі гэтых гаспадароў.

Веру ў тое, што ў Заходніх краінах нас перестануць лічыць закансерваваным Савецкім Саюзам.

Веру ў тое, што нашыя людзі будуць згадваць Савецкі Саюз не з настальгіяй па таннай каўбасе, а з сумам і памяццю па бязвінных ахвярах бальшавізму…

Веру ў тое, што нашая краіна знойдзе, нарэшце, сваё месца ў Еўрапейскай супольнасці, супольнасці незалежных, гаспадарлівых, дэмакратычных дзяржаў.

Я веру…

Бо без веры жыццё невартае.

Язэп Ціхан

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *