У Камітэце ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын зарэгістравана скарга Інгі Абрамавай. Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, такую інфармацыю з Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека брэсцкая актывістка руху “За Свабоду” атрымала 1 лістапада.
Паводле слоў Кісляка, Інга Абрамава накіравала індывідуальны зварот у Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын 22 снежня 2008 года. Падставай для яго стала беспаспяховае абскарджанне ў беларускіх інстанцыях умоў утрымання ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) Ленінскага РАУС Брэста, дзе, як сцвярджае Абрамава, была дапушчана дыскрымінацыя яе як жанчыны.
Забарона на такую дыскрымінацыю прадугледжана Міжнароднай канвенцыяй аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын.
Актывістка дэмсіл была затрымана супрацоўнікамі міліцыі ў Брэсце 10 кастрычніка 2007 года разам з актывістам апазіцыі Юрыем Бакурам. Яны развешвалі сінія стужачкі на вадасцёкавых трубах дамоў, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да акцыі “Еўрапейскі марш”, што планавалася ў Мінску. 11 кастрычніка за “нецэнзурную лаянку” актывістку асудзілі на пяць сутак адміністрацыйнага арышту, які яна адбывала ў ІЧУ Ленінскага РАУС.
У скарзе Абрамава заяўляе, што ў гэтай установе, дзе персанал складаецца толькі з мужчын, яна зведала дыскрымінацыю па прыкмеце полу. У прыватнасці, супрацоўнікі ІЧУ — мужчыны, сцвярджае яна, мелі магчымасць назіраць за ёй у той час, калі яна карысталася туалетам, бо унітаз, які знаходзіцца ў камеры, добра бачны з боку дзвярэй. Акрамя гэтага, ізалятар абсталяваны сістэмай відэаназірання, якая дазваляе дзяжурнаму і міліцыянерам ІЧУ пастаянна сачыць за тым, што адбываецца ў камерах.
“Гэта першы такі зварот з Беларусі, зарэгістраваны ў Камітэце ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын, — падкрэсліў праваабаронца. — І ён закранае праблему, актуальную для ўсёй Беларусі. Паводле маіх звестак, толькі ў адным ІЧУ ў нашай краіне ў ліку персаналу ёсць жанчыны. Ва ўсіх астатніх такіх установах жанчын-зняволеных ахоўваюць толькі мужчыны”.
Як адзначыў Кісляк, беларускія жанчыны атрымалі магчымасць звяртацца ў названы камітэт у 2004 годзе — пасля прыняцця і ратыфікацыі Беларуссю факультатыўнага пратакола канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын.
Ларыса Шыганава, БелаПАН.