Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
ПалітыкаГрамадства

“Дзедзіч”: рэгістрацыю адтэрмінавалі

Заснавальнікі Берасцейскага абласнога моладзевага грамадзкага аб’яднання “Дзедзіч” атрымалі адказ з Упраўлення юстыцыі Берасцейскага аблвыканкаму, які адтэрміноўвае рэгістрацыю гэтай грамадзкай арганізацыі.

Заяўнікам дадзены месяц на выпраўленне недакладнасцяў, якія, на думку чыноўнікаў, утрымліваюцца ў пададзеных на рэгістрацыю дакументах. У прыватнасці, у лісце аб адтэрміноўцы рэгістрацыі адзначаецца, што ў пададзеных дакументах у чатырох графах адсутнічаюць працоўныя тэлефоны стваральнікаў арганізацыі. Супярэчнасць чыноўнікі ўбачылі і ў тытульным лісце статута арганізацыі, дзе напісана што ён прыняты, а ў пратаколе сходу – напісана, што зацверджаны.

Нагадаем, што ўстаноўчы сход моладзевай арганізацыі адбыўся 29 жніўня. На ім прысутнічала 32 чалавекі, якія ў вызначаным заканадаўствам парадку абвясцілі свой намер утварыць грамадзкую арганізацыю. 28 верасня ўсе дакументы былі канчаткова аформленыя і перададзеныя ва Упраўленьне юстыцыі Берасцейскага аблвыканкама. Да гэтага яны прайшлі некалькі этапаў унутранай юрыдычнай праверкі.

− Не маецца ніводнай падставы, каб не зарэгістраваць “Дзедзіч”. Мы некалькі разоў правяралі ўсе дакументы на адпаведнасць заканадаўству, прыцягваючы да гэтай дзейнасці адмыслоўцаў у галіне права, − кажа адзін з заснавальнікаў БАМГА “Дзедзіч” Віктар Клімус.

Мясцовыя ідэолагі, тым часам, ціснуць на актывістаў, патрабуючы, каб яны адклікалі свой подпіс пад пратаколам устаноўчага сходу. За апошні час сем чалавек з ліку заснавальнікаў аб’яднання на працах мелі непрыемныя размовы са сваім кіраўніцтвам. І ўсюды аднолькавая нагода – кіраўнікам прадпрыемстваў і дзяржустановаў тэлефанавалі з аблвыканкама ці наўпрост з КДБ з патрабаваннем любымі сродкамі прымусіць сябра “Дзедзіча” адклікаць свой подпіс пад пратаколам устаноўчага сходу.

Як паведаміў Старшыня Рады БАМГА “Дзедзіч” Дзмітрый Шыманскі, тэлефанаванні з патрабаваннем правесці “тлумачальную размову” атрымалі рэдактар берасцейскай раённай газеты “Зара над Бугам”  Аляксандр Курэц, дырэктар “Цэнтру турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі” г. Баранавічы Ігар Весялоў, загадчыца дашкольнай установы “Яслі-сад № 32” Берасця Жана Тапальніцкая, а таксама шэраг іншых.

У асноўным суразмоўцы прадстаўляліся супрацоўнікамі Упраўлення па ідэалогіі Берасцейскага аблвыканкама – у чатырох з сямі выпадкаў. Адзін раз прагучала імя кіраўніка гэтага ўпраўлення Аляксандра Рагачука.

Падчас размоваў кіраўнікоў з актывістамі “Дзедзіча” гаворка ішла пра выключную шкоднасць дзейнасці дадзенай арганізацыі, а таксама сур’ёзнасць наступстваў знаходжання ў яе шэрагах. Часам размовы мелі добразычлівы характар, часам–характар адкрытага запалохвання.

Дзмітрый Шыманскі выказвае здзіўленне жорсткасці метадаў, якія абралі ўлады, каб адмовіць у рэгістрацыі грамадзкага аб’яднання:

− Нягледзячы на ўсе заявы пра пэўную адлігу для дзейнасці грамадзкіх арганізацый у Беларусі, мы ад самага пачатку не маем асаблівых спадзяванняў на тое, што “Дзедзіч” будзе зарэгістраваны. У беларускім заканадаўстве ёсць безліч лазеек, каб адмовіць у рэгістрацыі арганізацыі нават з самымі дасканала падрыхтаванымі дакументамі. І гэта вельмі распаўсюджаная практыка. Але ж тое, што берасцейскія ўлады карыстаюцца жорсткімі метадамі ціску на нашых актывістаў у стылі самых змрочных для дэмакратычнага руху часоў, выклікае шчырае здзіўленне і шкадаванне. Сістэму, якая прызвычаілася жорстка пераследаваць усіх, хто з ёй ня згодны, будзе вельмі цяжка перабудаваць.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *