Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Грамадства

На Еўрапейскі Форум вылучана больш за 1000 дэлегатаў

На паседжанні аргкамітэту Беларускага Еўрапейскага Форуму агучылі вынікі падрыхтоўчай кампаніі і зацвердзілі план правядзення  мерапрыемства.

На паседжанні аргкамітэту зацвердзілі парадак  дня Беларускага Еўрапейскага Форуму, тэмы, якія будуць разглядацца на мерапрыемстве, іх паслядоўнасць, спіс выступоўцаў і тэматыку выступаў. Паводле намесніка старшыні Руху “За Свабоду” Юрася Губарэвіча, у правядзенні Беларускага Еўрапейскага Форуму можна вылучыць тры часткі.

Першая частка будзе складацца з вітальных словаў гасцей і прадстаўнікоў арганізацый, што ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы Форуму. Прадстаўнікі краінаў ЕС, запрошаныя на Форум таксама выкажуць сваё бачанне развіцця дачыненняў паміж Беларуссю і еўрапейскімі краінамі, дадуць ацэнку шансам Беларусі інтэгравацца ў агульнаеўрапейскія працэсы.

У другой частцы выступяць эксперты, якія прааналізуюць  працэсы, што адбываюцца паміж Беларуссю  і Еўразвязам у палітычнай, эканомічнай і грамадскай сферах. Тут жа прадугледжаны пэўны час для дыскусіяў і адказаў на пытанні.

Трэцяя частка Форуму будзе прысвечаная абмеркаванню і прыняццю дакументаў, выніковай рэзалюцыі і плану дзеянняў. Таксама запланаваны выступ Аляксандра Мілінкевіча. Лідэр Руху “За Свабоду” акрэсліць перспектывы развіцця палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў краіне, выкажацца па тэматыцы Форума і агучыць планы і прапановы, датычныя далейшай дзейнасці праеўрапейскіх незалежніцкіх сілаў.

Беларускі Еўрапейскі Форум завершыцца канцэртнай праграмай. Падчас правядзення БЕФ прадугледжаны  шэраг іншых культурніцкіх мерапрыемстваў (падвядзенне вынікаў конкурсаў  і ўшанаванне пераможцаў, выставы твораў лаўрэатаў прэміі Быкава за 2008 і 2009 гады і іншыя).

Другім пытанне  на паседжанні аргкамітэту БЕФ разглядалася фармаванне дэлегацыі Форума. Паводле  апошніх звестак, у Беларусі адбылося 96 сходаў па вылучэнні дэлегатаў на Форум. Як паведаміў Юрась Губарэвіч, праз сходы у розных рэгіёнах Беларусі на Форум вылучана 900 дэлегатаў. З улікам квоты дэлегатаў ад аргкамітэта, агульная колькасць паўнапраўных удзельнікаў Беларускага Еўрапейскага Форуму будзе больш за тысячу чалавек.

На паседжанні аргкамітэту разгледзелі праекты  рэзалюцыі, плану дзейнасці ды іншых дакументаў, якія мусяць быць прынятыя на Форуме. Асноўныя палажэнні гэтых дакументаў разгледжаны, узгоднены і падтрыманыя аргкамітэтам Форуму.
На дадзены  момант аргкамітэт не атрымаў ад уладаў інфармацыі пра станоўчае вырашэнне  пытання з арэндай буйной сталічнай залі. Удзельнікі паседжання прынялі рашэнне не адмаўляцца ад правядзення мерапрыемства 14 лістапада і не пераносіць яго. Сябры аргкамітэта выказаліся за тое, каб у выпадку адсутнасці памяшкання ладзіць мерапрыемства у вулічным фармаце. Паводле Юрася Губарэвіча, пакуль што адусюль паступілі адмовы. Чакаецца адказ ад Мінгарвыканкама, куды ліст быў накіраваны больш за месяц таму.

milinkevich.org

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *