Абяцанні дэмакратызаваць умовы грамадскай дзейнасці, дадзеныя беларускім урадам сваім заходнім партнёрам, так і застаюцца словамі, павіслымі ў паветры. Чарговае відавочнае сведчанне таму – працэдура рэгістрацыі Берасцейскага абласнога моладзевага грамадскага аб’яднання «Дзедзіч», распачатая напрыканцы жніўня.
За апошнія два тыдні сем чалавек з ліку заснавальнікаў аб’яднання на працах мелі непрыемныя размовы са сваім кіраўніцтвам. І ўсюды аднолькавая нагода – кіраўнікам прадпрыемстваў і дзяржустаноў тэлефанавалі з аблвыканкама ці наўпрост з КДБ з патрабаваннем любымі сродкамі прымусіць сябра «Дзедзіча» адклікаць свой подпіс пад пратаколам устаноўчага сходу.
dzedzich_logo
Нагадаем, што устаноўчы сход моладзевай арганізацыі адбыўся 29 жніўня. На ім прысутнічала 32 чалавекі, якія ў вызначаным заканадаўствам парадку абвесцілі свой намер утварыць грамадскую арганізацыю. 28 верасня ўсе дакументы былі канчаткова аформленыя і перададзеныя ва Упраўленне юстыцыі Берасцейскага аблвыканкама. Да гэтага яны прайшлі некалькі этапаў унутранай юрыдычнай праверкі. Па словах аднаго з заснавальнікаў БАМГА «Дзедзіч» Віктара Клімуса «не было ніводнай нагоды, каб не зарэгістраваць «Дзедзіч». Мы некалькі разоў правяралі ўсе дакументы на адпаведнасць заканадаўству, прыцягваючы да гэтай дзейнасці адмыслоўцаў у галіне права».Відаць, нагодаў адмовіць у рэгістрацыі не знайшлі ані ва Упраўленні юстыцыі, ані ў іншых зацікаўленых установах. Таму вырашылі дзейнічаць правераным спосабам – званкамі з пагрозамі.
Тэлефанаванні з патрабаваннем правесці «тлумачальную размову» атрымалі рэдактар берасцейскай раённай газеты «Зара над Бугам»  Курэц А.М., дырэктар «Цэнтру турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі» г. Баранавічы Весялоў І.С., загадчыца дашкольнай установы «Яслі-сад № 32» Берасця Тапальніцкая Ж.Б., а таксама шэраг іншых. У асноўным суразмоўцы прадстаўляліся супрацоўнікамі Упраўлення па ідэалогіі Берасцейскага аблвыканкама – у чатырох з сямі выпадках. Адзін раз прагучала імя старшыні гэтага ўпраўлення Рагачука А.С.
Падчас размоў кіраўнікоў з актывістамі «Дзедзіча» гаворка ішла пра выключную шкоднасць дзейнасці дадзенай арганізацыі, а таксама сур’ёзнасць наступстваў знаходжання ў яе шэрагах. Часам размовы мелі добразычлівы характар, часам — характар адкрытага запалохвання. Але выніку не дасягнуў ніводны з метадаў – ніхто з сябраў арганізацыі на дадзены момант не адмовіўся ад свайго подпіса пад пратаколам устаноўчага сходу арганізацыі. Большасць з заяўнікоў і не збіраецца гэтага рабіць нават пры самым жорсткім ціску.
Кіраўніцтва «Дзедзіча» у сваю чаргу рыхтуе з нагоды пераследу актывістаў скаргу ў абласную пракуратуру. Старшыня Рады БАМГА «Дзедзіч» Дзмітрый Шыманскі выказвае здзіўленне жорсткасці метадаў, якія абралі ўлады, каб адмовіць у рэгістрацыі грамадскага аб’яднання:
— Негледзячы на ўсе заявы пра пэўную адлігу для дзейнасці грамадскіх арганізацый у Беларусі мы ад самага пачатку не мелі асаблівых спадзяванняў на тое, што «Дзедзіч» будзе зарэгістраваны. У беларускім заканадаўстве ёсць безліч лазеек, каб адмовіць у рэгістрацыі арганізацыі нават з самымі дасканала падрыхтаванымі дакументамі. І гэта вельмі распаўсюджаная практыка. Але ж тое, што берасцейскія ўлады карыстаюцца жорсткімі метадамі ціску на нашых актывістаў у стылі самых змрочных для дэмакратычнага руху часоў, выклікае шчырае здзіўленне і шкадаванне. Сістэму, якая прызвычаілася жорстка пераследаваць усіх, хто з ёй не згодны, будзе вельмі цяжка перабудаваць, — адзначыў Дзмітрый Шыманскі.
Цягам наступных двух тыдняў Упраўленне юстыцыі мусіць даць афіцыйны адказ на заяўку аб рэгістрацыі «Дзедзіча». Але ж яе змест большасці сябраў арганізацыі зразумелы ўжо зараз.

[supsystic-social-sharing id="1"]