нагадвае прыціснутага да зямлі Атланта, які марудна ўздымаецца з каленяў і ганарліва паўстае з разгорнутымі плячыма.

Варта ўзгадаць жахлівыя вынікі вайны для горада – зруйнаванне і цяжкія людскія страты, падзел горада на дзве часткі да 1989 года, знішчэнне і рабаванне культурных каштоўнасцей. Да гэтага часу Германія спрабуе вярнуць сабе вывезеныя савецкімі войскамі скарбы, з пераменным поспехам: Дрэздэнская галерэя была вернутая, але, напрыклад, салідная частка «золата Шлімана» і зараз экспануецца ў маскоўскім Пушкінскім музеі.

berlin_45

Берлін, май 1945

З руінаў і галечы горад аднавіўся, але аднаўленні і змены ідуць яшчэ і зараз, немцы марудна, але надзейна вяртаюць былую славу Берліна.

Апошні з пяцёркі славутасцей на Музейным востраве – Новы музей – адчыніўся наноў толькі пяць год назад, зараз паміж музеямі будуюць падземную камунікацыю, пасля гэтага немцы ў 2015 годзе плануюць узяцца за рэнавацыю Новай нацыянальнай галерэі. Шчыра кажучы, мяне ўражвае тая саліднасць і нават фундаментальнасць з якою Германія падыходзіць да аднаўлення сваёй культурнай спадчыны, як паступова, але ўпэўнена вяртае знявечаную вайной уласную веліч. Яркі прыклад – уваскрашэнне з руінаў Дрэздэна, які пераўтвараецца ў адзін з найцікавейшых турыстычных гарадоў Еўропы.

І яшчэ мне вельмі падабаецца падыход да арганізацыі наведвання музеяў, якое скіраванае на стымуляцыю актыўнасці наведвальнікаў, на іх максімальна шырокае азнаямленне з музеямі.

Коштавая палітыка пабудаваная такім чынам, што заўсёды больш выгадна наведаць некалькі музеяў, практычна няма ніякага сэнсу купляць білет у асобны музей.

Больш за тое, прадаецца 3-дзённы музейны абанемент, які дазваляе наведваць практычна ўсе музеі Берліна (за некаторымі нешматлікімі выключэннямі – камерцыйна арыентаваныя выставы ў Марцін-Гропіус-баў, Нямецкі гістарычны музей і яшчэ некалькі аб’ектаў). Поўны кошт абанемента – усяго толькі 24 еўра, па студэнцкаму (які і я набыў з дапамогай ISIC) – 12 еўра. Тры дні можна не выпаўзаць з музеяў, і прытым, вельмі багатых па калекцыі, за кошт адной вячэры. Праўда, часам даводзіцца рабіць невялікія даплаты, калі робяцца часовыя выставы, я падчас гэтага візіту два разы даплачваў па 2 еўра. І вялікі бонус – бясплатныя аўдыёгіды практычна ва ўсіх музеях. Такой халявы я больш нідзе не сустракаў.

Паездка ў Берлін у маіх планах уключала чатыры дні ў канцы траўня, і першы дзень я распачаў якраз з наведвання Марцін-Гропіўс-Баў, каб музейны абанемент пакінуць на тры апошнія дні.

Гэта прыгожы неарэнесансны будынак канца ХІХ стагоддзя, які знаходзіцца непадалёк ад Патсдамер Плац, і звычайна выкарыстоўваецца для буйных міжнародных выстаў.

mgrbau

Марцін-Гропіўс-Баў

З каплекту актуальных выстаў — Ай Вэйвэй, Дэвід Боўі (усё маё знаёмства з гэтым артыстам абмяжоўваецца яго роллю ў фільме Нікаласа Роўга «Чалавек, які ўпаў на Зямлю»), Ганс Рыхтэр і фатограф Вольс — я выбраў дзве, вырашыў, што мне для шчасця хопіць Вэйвэя і Рыхтэра.

Што здзівіла, гэта адносна невялікая колькасць наведвальнікаў, ніякіх жудасных чэргаў, як у Парыжы, нават на выставу Вэйвэя, зараз вельмі раскручанага і папулярнага.

Але агулам гэта нейкая вызначальная прыкмета Берліна – адсутнасць ажыятажу, нямецкая сталіца так і не стала турыстычным брэндам, хоць таго заслугоўвае ў значна большай ступені, чым некаторыя іншыя, больш папулярныя мясціны.

Ай Вэйвэй да гэтага часу застаецца пад пераследам кітайскіх уладаў за нявыплату падаткаў, таму гэта масштабная выстава, нават рэтраспектыўная, рыхтавалася ім для Берліна дыстанцыйна. Тут можна ўбачыць і яго раннія творы, калі кітайскі мастак падаўся ў Ню-Ёрк і рабіў розныя рэдзімэйды, кшталту злучаных туфуль у духу Дзюшана. Натуральна, мастацкую славу на такіх творах зрабіць складана, але Вэйвэй вырашыў вярнуцца на Радзіму, і гэта кардынальна змяніла яго творчую траекторую. Наўмысна ці не, але ўся актыўнасць Вэйвэя радыкалізавалася па палітычнай плашчыні і стала ўяўляць сабою вострую крытыку кітайскіх уладаў. Разам з тым, і форма твораў стала іншай, фішкай мастака сталі грандыёзныя інсталяцыі, якія патрабавалі надзвычайных высілкаў, ледзь не прамысловага масштабу, але якія білі махам па ўсіх даступных рэцэптарах. Так і зараз, заходзіш у музей, а над уваходнай заляй вісіць вялізная інсталяцыя з 150 веласіпедаў у гонар бяскрыўднага кітайца, да якога прычапіліся паліцэйскія за катанне на незарэгістраваным веласіпедзе. У выніку былі забітыя шэсць паліцэйскіх, а веласіпедыста пакаралі смерцю. 150 веласіпедаў над галовамі наведвальнікаў якраз і ўшаноўваюць гэтую нявінную ахвяру крывавага рэжыму.

veryyao

Ай Вэйвэй «Very Yao»

Наступная гіганцкая інсталяцыя ўжо ў галоўным холе, з 6000 тысяч старажытных табурэтак збітых да купы, якія мусяць навейваць сумныя думкі пра мадэрнізацыю, амасаўленне і таму падобныя негатыўныя працэсы. Гэта навогул адна са скразных тэм Вэйвэя, якая пранізвае і некалькі іншых выстаўленых твораў – вазы дынастыі Хань, пафарбаваныя аўтамабільнай фарбай, распілены кантэйнер для перавозкі твораў мастацтва, ужо даўно праслаўленыя гіганцкія задыякальныя галовы і г.д.

Але важней, канечне, змагацца з камуністычным рэжымам. Хоць і пры пачатковым пасыле аднаўлення сацыяльнай справядлівасці (напрыклад, барацьба з замоўчваннем ахвяр стыхійных бедстваў), складваецца адчуванне, што Ай Вэйвэй паглыбляецца ў самалюбаванне, дзе кожная дэталь яго супрацьстаяння ўладам пераўтвараецца ў раздзьмуты масштабамі артэфакт. Правёў ён колькі часу ў камеры – атрымайце і макет камеры ў натуральную велічыню. Праўда, мне паспачуваць яму не атрымалася, яго б закінуць у мой пакой інтэрната Акадэміі навук – умовы яшчэ горшыя, чым у кітайскай турэмнай камеры. Некаторыя хады неардынарныя і цікавыя, напрыклад, горка з рачных крабаў, што мусіць сімвалізаваць гармонію сацыяльнага парадку ў Кітаі.

Але ў цэлым, як па маіх мерках, то гэта ўсё ж спекуляцыя. Вось і думай зараз, што адбываецца, калі мастак ўдзымае праблематыку сацыяльнай і палітычнай рэпрэсіўнасці, і робіць на гэтым сусветную кар’еру. Дзе мяжа між шчырасцю і тонкім разлікам? Паводле дакументальнага фільма Вэйвэй пакідае ўражанне хітрага кітайца, які дакладна ведае механізмы і спружыны папулярнасці. І я на гэты кручок быў пайманы, грошы ж заплаціў за наведванне выставы, і немалыя, можа хоць спрычыніўся да таго, каб загнаць некалькі шпілек у дупу кітайскім камуністам? Толькі надзеі на тое слабыя.

Іншая выстава, якая мяне зацікавіла ў Марцін-Гропіўс-баў, была прысвечана творчасці Ганса Рыхтэра (знакамітае мастацкае прозвішча, не варта блытаць з Герхардам Рыхтэрам і, тым больш, з Адрыянам Людвігам Рыхтэрам). Асоба для мяне была зусім не знаёмая, і, напэўна, для гэтага дзве асноўныя прычыны: 1) асноўная частка твораў Рыхтэра падзелена паміж Базэлем, дзе ён правёў ранні перыяд творчасці, музеем Пампіду, які сваю грандыёзную калекцыю выстаўляе толькі часткамі, і амерыканскімі музеямі; 2) Рыхтэр усё ж быў найперш арганізатарам, уцягнутым у стварэнне і развіццё мастацкіх супольнасцей, арганізацыю выстаў, выданне часопісаў і г.д. Яго асабістая творчасць неяк была ў ценю гэтай кіпучай актыўнасці па самаарганізацыі творчага працэсу, а Рыхтэр паспеў далучыцца ледзь не да ўсіх плыняў мастацтва першай паловы ХХ ст., ад сюрэалізму да супрэматызму.

rihter

Ганс Рыхтэр

Ягоныя ўласныя творы ў маім успрыняцці можна разбіць на тры асноўныя часткі: раннія партрэты, яшчэ з уплывамі кубізму, супрэматычныя світкі 1920-х гадоў са спробамі візуалізаваць музыку, і авангарднае кіно напрыканцы творчага шляху. Рыхтэр перад Другой сусветнай вайною з’ехаў у ЗША, дзе і выкладаў у кінашколе і істотна паўплываў на многіх тварцоў амерыканскага кіно. Але на выставе цікавыя і розныя кантакты, судачыненні, калабарацыі Рыхтэра, і пералік імёнаў тут гучны – Макс Эрнст, Малевіч, Лісіцкі, Ман Рэй, Жан Арп, Марсель Дзюшан. Толькі творы гэтых майстроў усё ж паказваюць другаснасць самога Рыхтэра. Цікава, што Казімір Малевіч яму замаўляў зняць авангардысцкі фільм пра развіццё супраматычнага жывапісу, ад чорнага квадрату і да разгорнутых формаў, нават напісаў папярэдні сцэнар. Але хуткая смерць Малевіча перашкодзіла рэалізацыі гэтага праекту, Рыхтэр вярнуўся да гэтай ідэі ўжо ў 1960-я, спрабаваў дарабіць фільм, але гэта ідэя ўжо яўна была неактуальнай. Ахвотныя ж могуць пагледзець, што атрымалася, як і іншыя авангардысцкія кінатворы Рыхтэра.

Побач з Марцін-Гропіўс-Баў знаходзіцца яшчэ адзін досыць вядомы музейны комплекс – «Тапаграфія тэрору», створаны на месцы, дзе раней знаходзіліся берлінская штаб-кватэра гестапа. Будынак быў зруйнаваны падчас вайны, на яго месцы ўзведзены ўжо сучасны музей, наваколле ж засыпана шчэбнем. Дадатковы бонус – каля музея захаваны вялікі кусок Берлінскай сцяны, якая стала сімвалам горада, але гэта зусім не паспрыяла яе захаванню. Галоўная мэта музея – натуральна, распавесці пра злачынствы нацыстаў, толькі сама форма расповяду абрана досыць стандартная, стэнды з фотаздымкамі і тэкстам. Але здзівіўся дысцыплінавасці людзей – сапраўды, шмат хто старанна вывучае гэтыя стэнды і чытае інфармацыю, хоць мне самаму хапіла пары стэндаў. Як па мне, ужо даўно такая форма падачы інфармацыі састарэла, больш цікавыя музеі з прымяненнем новых тэхналогій і падыходаў, кшталту Тэрор-хаза ў Будапешце. Але калі праблем з наведваннем у «Тапаграфіі тэрору» няма (тым больш, што музей бясплатны), то можна і так вось, па старынцы працаваць над фармаваннем экспазіцыі.

topography-of-terror-documentation

«Тапаграфія тэрору»

На наступны дзень я накіраваўся непасрэдна на Музейны востраў, але пра гэта ўжо ў наступнай частцы нататак.
Аляксей Ластоўскі

Крыніца:  nn.by

Заўважылі памылку?

Вылучыце яе мышкай і націсніце Ctrl+Enter

Сістэма Orphus

Дадаць каментарый